Перайсьці да зьместу

Нікола Тэсла

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нікола Тэсла
Никола Тесла, Nikola Tesla
Дата нараджэньня 10 ліпеня 1856(1856-07-10)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 7 студзеня 1943(1943-01-07)[4][5][1][…] (86 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці інфаркт міякарда[6][1]
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак вынаходнік, інжынэр-электрык, інжынэр-мэханік, фізык, футуроляг
Навуковая сфэра электратэхніка[1], машынабудаваньне[1], фізык, мэханіка і вынаходнік[d]
Месца працы
Вядомы як вынаходнік, дасьледчык
* зьменны ток
* радыёсувязь
* магнітнае поле
* асынхронны рухавік
Сябра ў Сэрбская акадэмія навук і мастацтваў[d][1], Інстытут інжынэраў электратэхнікі і электронікі[1] і Сэрбская акадэмія навук і мастацтваў[d][1]
Бацька Lionel messi[d][1]
Маці Джука Мадіч[d][1]
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу

Ніко́ла Тэ́сла ці Ні́кала Тэ́сла (па-сэрбску: Никола Тесла, Nikola Tesla; 10 ліпеня 1856 году, Сьмілян, Аўстра-Вугоршчына, цяпер Харватыя — 7 студзеня 1943 году, Нью-Ёрк, ЗША) — сэрбска-амэрыканскі фізык з сусьветным імем, вынаходнік у галіне электрычнасьці, магнэтызму й электратэхнікі, аўтар больш за 300 патэнтаў у розных галінах інжынэрнай тэхнікі[7]. У прыватнасьці Тэслу належаць вынаходзтвы зьменнага току, радыёсувязі, мнагафазнай сыстэмы, магнітнага поля, асынхроннага электрарухавіка, рэзананснага трансфарматара (трансфарматара Тэслы). Тэсла першым зьвярнуў увагу на фізыялягічнае ўзьдзеяньне токаў высокай частасьці, публічна прадэманстраваў бяздротавую перадачу высокачастотнага току на лямпы й рухавікі, зьяўляўся ключавой фігурай пры будаўніцтве першай гідраэлектрастанцыі на Ніягарскім вадаспадзе[8]. Адзінка вымярэньня магнітнай індукцыі ў сыстэме СІ носіць назву ў гонар дасьледчыка.

Маленства і юнацтва

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Малады Тэсла ў нацыянальнай сэрбскай вопратцы, 1880

Нікола Тэсла нарадзіўся ў вёсцы Сьмілян непадалёк ад гораду Ґосьпіч у Аўстра-Вугоршчыне (цяпер у Харватыі). Ягоны бацька — Мілуцін Тэсла (1819—1879) — быў сьвятаром праваслаўнай царквы. Маці, дачка праваслаўнага сьвятара, — Джука Маньдзіч (1822—1892). Продкі Тэслы — этнічныя сэрбы паходжаньнем з заходняй Сэрбіі зь мясьцінаў непадалёк ад Чарнагорыі[9]. У сям’і было пяцёра дзяцей — двое хлапцоў (старэйшы брат Данэ загінуў, упаўшы з каня, калі Ніколу было 5 гадоў) і трое дзяўчатак, Нікола быў чацьвертым.

У 1861 годзе Тэсла скончыў першую клясу ў мясцовай вясковай школе. Сваё навучаньне ён працягнуў ужо ў Ґосьпічы, дзе яго бацька служыў пастарам і куды сям’я Тэслаў пераехала ў 1862 годзе, там ён закончыў яшчэ тры клясы пачатковай школы. У 1870—1873 гадах Тэсла паступіў і навучаўся ў сярэдняй школе гораду Карловац, дзе пасьля заканчэньня атрымаў атэстат сталасьці[10].

Пасьля заканчэньня сярэдняй школы Тэсла вярнуўся ў Сьмілян, дзе цяжка захварэў і быў прыкаваны да ложка на працягу дзевяці месяцаў, некалькі разоў знаходзячыся на валасок ад сьмерці. Бацька Ніколы ў гэты час, у хвіліну адчаю, абяцаў адправіць яго, калі ён паправіцца, у найлепшую інжынэрную вучэльню насуперак сваім перакананьням, бо першапачаткова ня бачыў для Тэслы ніякай іншай будучыні, акрамя сьвятарства[11].

У 1874 годзе слабы пасьля хваробы Тэсла пазьбег выкліку на трохгадовую службу ў войска, схаваўшыся ў горных лясах і ў сваякоў. Кантакты з прыродай зрабілі яго мацнейшым як фізычна, так і псыхічна; акрамя таго, за гэты час Тэсла прачытаў шмат кніг, і пазьней сьцьвярджаў, што творы Марка Твэна цудоўным чынам дапамаглі яму акрыяць пасьля хваробы.

Атрыманьне адукацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
23-гадовы Нікола Тэсла
Мілуцін Тэсла, бацька Ніколы

У 1875 годзе Тэсла паступіў у тэхнічную вучэльню (цяпер унівэрсытэт) у Ґрацы, дзе вывучаў электратэхніку. Першы год прайшоў для Тэслы вельмі роўна, у яго былі амаль стоадсоткавая наведвальнасьць заняткаў і выдатныя адзнакі па выніках году[12]. Пры гэтым Тэсла яшчэ й працаваў па начох, у выходныя і сьвяточныя дні, некаторыя з прафэсараў нават былі занепакоеныя яго фізычным станам.

На другім годзе свайго навучаньня малады студэнт заахвоціўся да азартных гульняў, што неўзабаве стала ўплываць на яго вучобу самым нэгатыўным чынам. Аднойчы ён так моцна прайграўся, што маці Тэслы вымушаная была браць пазыку для аплаты даўгоў сына. Пасьля гэтага інцыдэнту Тэсла болей ніколі ня граў. Да ўсяго ён не пасьпеў належным чынам падрыхтавацца да чарговых іспытаў — Нікола не атрымаў належныя адзнакі за сэмэстар і дазволу на падаўжэньне тэрміну здачы іспытаў і быў адлічаны[13][14]. У сьнежні 1878 году Тэсла пакінуў Ґрац.

У наступным годзе Тэсла працаваў памочнікам мышыніста ў Марыборы. Пазьней бацька пераканаў яго паступіць у Карлаў унівэрсытэт у Празе. У красавіку 1879 году бацька Тэслы, цяжка захварэўшы, памёр[15]. Не правучыўшыся й году, адразу ж пасьля сьмерці бацькі Тэсла кінуў вучобу, скончыўшы толькі адзін сэмэстар унівэрсытэту[16].

Вярнуўшыся ў Ґосьпіч, Тэсла некаторы час працаваў у той самай сярэдняй школе, якую скончыў. У гэты пэрыяд свайго жыцьця ён шмат чытаў, здаецца, завучваў напамяць цэлыя кнігі, але й часта хварэў, трызьніў, пакутаваў на галюцынацыі, зьвязаныя зь яго мінулым або вынаходзтвамі[17].

Да 1882 году Тэсла працаваў інжынэрам-электрыкам ва ўрадавай тэлеграфнай кампаніі ў Будапэшце, якая ў той час займалася правядзеньнем тэлефонных лініяў і будаўніцтвам цэнтральнай тэлефоннай станцыі[18]. У лютым таго ж году ён прыдумаў, як можна было б выкарыстоўваць у электрарухавіках вярчэньне, якое ўтвараецца магнітным полем.

У канцы 1882-га малады інжынэр уладкаваўся ў «Кантынэнтальную кампанію Эдысана» («Continental Edison Company») у Парыжы. Адным з найбольш буйных заказаў кампаніі было будаўніцтва электрастанцыі для чыгуначнага вакзалу ў Страсбурзе. У пачатку 1883 году кампанія накіравала Ніколу ў Страсбург для вырашэньня шэрагу працоўных праблемаў, якія ўзьніклі ў кампаніі пры мантажы асьвятляльнага абсталяваньня новай чыгуначнай станцыі. У вольны час Тэсла працаваў над вырабам мадэлі асынхроннага электрарухавіка, а ўжо ў 1883 годзе дэманстраваў працу рухавіка ў мэрыі Страсбургу.

Да вясны 1884 году працы на Страсбурскай чыгуначнай станцыі былі завершаныя й Тэсла вярнуўся ў Парыж, чакаючы ад кампаніі абяцанай яму прэміі. Паспрабаваўшы атрымаць належныя яму прэміяльныя, ён зразумеў, што гэтых грошай яму не атрымаць і, абражаны, звольніўся[13]. Выдатныя дасягненьні ў галіне электратэхнікі й пэрспэктывы рэалізацыі ўласных ідэяў прыцягваюць увагу Тэслы да Злучаных штатаў Амэрыкі, куды ён неўзабаве накіроўваецца[19].

Злучаныя Штаты Амэрыкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Томас Эдысан

Летам 1884 году Тэсла прыбыў у Нью-Ёрк[20]. Ён уладкаваўся на працу ў кампанію Томаса ЭдысанаEdison Machine Works») інжынэрам па рамонце электрарухавікоў і генэратараў сталага току.

Эдысан даволі холадна ўспрымаў ідэі Тэслы й адкрыта выказваў незадавальненьне кірункам асабістых пошукаў вынаходніка. Увесну 1885 году Эдысан паабяцаў Тэслу 50 тысячаў даляраў (па тых часах сума, прыкладна эквівалентная 1 мільёну сучасных даляраў[21]), калі ў яго атрымаецца канструктыўна палепшыць электрычныя машыны сталага току, прыдуманыя Эдысанам[17]. Нікола актыўна ўзяўся за працу й неўзабаве прэзэнтаваў 24 разнавіднасьці машыны Эдысана, новы камутатар і рэгулятар, якія значна паляпшалі эксплюатацыйныя характарыстыкі. Ухваліўшы ўсе ўдасканаленьні, у адказ на пытаньне аб узнагародзе Эдысан адмовіў Тэслу, заўважыўшы, што эмігрант пакуль дрэнна разумее амэрыканскі гумар. Неўзабаве пасьля гэтага выпадку абражаны такім стаўленьнем Тэсла звольніўся[22][23]. Нягледзячы на вельмі напружаныя далейшыя адносіны і вострае супрацьстаяньне з Томасам Эдысанам за ўсё сваё жыцьцё Тэсла толькі аднойчы дазволіў сабе крытычна выказацца пра Эдысана ў прэсе[24]:

« У навуковым падыходзе Эдысана адкрыта адчуваецца недахоп адукацыі. Замест таго каб вылічыць, які матэрыял лепш за ўсё падыдзе для ніткі напальваньня, Эдысан перабярэ іх тысячы, пакуль выпадкова, мэтадам выключэньня, не набрыдзе на патрэбны. Калі б Эдысану спатрэбілася знайсьці іголку ў стозе сена, ён ня стаў бы губляць час на тое, каб вызначыць найболей верагоднае месца яе знаходжаньня, а неадкладна, з ліхаманкавай стараннасьцю пчалы, пачаў бы аглядаць саломінку за саломінкай, пакуль не знайшоў бы прадмет сваіх пошукаў. Ягоныя мэтады былі вельмі неэфэктыўныя: ён мог выдаткаваць велізарную энэргію і час, але не дасягнуць нічога, калі толькі яму не дапамагала шчаслівая выпадковасьць. »

Лябараторыя ў Нью-Ёрку

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Нікола Тэсла на тле бабіны высокачастотнага трансфарматара ў сваёй лябараторыі на Г’юстан-стрыт у Нью-Ёрку
Марк Твэн у лябараторыі Тэслы, 1894

Пасьля свайго звальненьня з кампаніі Эдысана вынаходнік быў вымушаны перабівацца на падсобных работах. Тэсла займаўся капаньнем канаваў, «спаў, дзе прыйдзецца, і еў, што знойдзе». У гэты пэрыяд ён пасябраваў з інжынэрам Браўнам, які знаходзіўся ў падобным жа становішчы, той змог угаварыць некалькіх сваіх знаёмых аказаць невялікую фінансавую падтрымку Тэслу. У красавіку 1887 году створаная на гэтыя грошы «Тэсла арк лайт компані» пачала займацца вулічным асьвятленьнем, усталёўваючы новыя дугавыя лямпы. Неўзабаве справы кампаніі пайшлі ўгору, Тэслу пачалі паступаць заказы зь іншых гарадоў ЗША[13].

Пад офіс сваёй кампаніі ў Нью-Ёрку Тэсла зьняў дом на Пятай авэню (анг. Fifth Avenue) непадалёк ад будынка, занятага кампаніяй Эдысана. Паміж дзьвюма кампаніямі разьвязалася вострая канкурэнтная барацьба, вядомая ў Амэрыцы пад назвай «Вайна токаў» (анг. War of Currents).

У ліпені 1888 году вядомы амэрыканскі прамысловец Джордж Вэстынгаўз выкупіў у Тэслы больш за 40 патэнтаў, заплаціўшы ў сярэднім па 25 тысячаў даляраў за кожны. Вэстынгаўз таксама запрасіў вынаходніка на пасаду кансультанта на заводы ў Пітсбургу, дзе распрацоўваліся прамысловыя ўзоры машынаў зьменнага току. Прапрацаваўшы год і не атрымліваючы задавальненьня ад працы, Тэсла вярнуўся ў сваю лябараторыю ў Нью-Ёрку.

У 1888—1895 гады Тэсла займаўся дасьледаваньнямі магнітных палёў і высокіх частасьцяў у сваёй лябараторыі. Гэтыя гады былі найбольш плённымі: ён атрымаў мноства патэнтаў.

13 сакавіка 1895 году ў лябараторыі на Пятай авэню здарыўся пажар. Будынак згарэў дашчэнту, зьнішчыўшы самыя апошнія дасягненьні вынаходніка — мэханічны асцылятар, новы мэтад электрычнага асьвятленьня, новы мэтад бяздротавай перадачы паведамленьняў на далёкія адлегласьці й іншыя[25].

Фінансавую дапамогу вынаходніку аказала «Кампанія Ніягарскі вадаспад», выдаткаваўшы 100 тысячаў даляраў на ўладкаваньне новай лябараторыі. Ужо восеньню дасьледаваньні аднавіліся па новым адрасе: Г’юстан-стрыт, 46. У канцы 1896 году Тэсла дамогся перадачы радыёсыгналу на адлегласьць 30 міль (48 кілямэтраў)[13].

Тэсла ў сваёй лябараторыі ў Каларада-Спрынгс, фота зробленае з падвойнай экспазыцыяй

У траўні 1899 году па запрашэньні мясцовай электрычнай кампаніі Тэсла пераехаў у курортны гарадок Каларада-Спрынгс у штаце Каларада[13].

У Каларада Спрынгс Тэсла арганізаваў невялікую лябараторыю. Спонсарам на гэты раз быў уладальнік гатэлю «Ўолдарф-Асторыя», які выдзяліў на дасьледаваньні 30 тысячаў даляраў. Для вывучэньня навальніцаў Тэсла сканструяваў трансфарматар, адзін канец першаснай абмоткі якога быў заземлены, а другі злучаўся з мэталічным шарам на вэртыкальным стрыжні. Да другаснай абмоткі падлучаўся саманаладны датчык, злучаны з самазапісным прыборам. Гэтая прылада дазволіла Тэслу вывучаць зьмены патэнцыялу Зямлі, у тым ліку й эфэкт стаячых электрамагнітных хваляў, выкліканы навальнічнымі разрадамі ў зямной атмасфэры (празь пяць зь лішнім дзесяцігодзьдзяў гэты эфэкт быў падрабязна дасьледаваны й пазьней стаў вядомы як «рэзананс Шумана»[26]). Назіраньні навялі вынаходніка на думку аб магчымасьці перадачы электраэнэргіі бяз дроту на вялікія адлегласьці.

Наступны экспэрымэнт Тэсла накіраваў на дасьледаваньне магчымасьці самастойнага стварэньня стаячай электрамагнітнай хвалі. На велізарны гмах трансфарматару былі накручаныя віткі першаснай абмоткі. Другасная абмотка злучалася з 60-мэтровай мачтай і заканчвалася медным шарам мэтровага дыямэтру.

Пры правядзеньні экспэрымэнту былі зафіксаваныя навальнічнападобныя разрады, якія зыходзілі ад мэталічнага шару. Гром ад разрадаў быў чутны на адлегласьці да 24 кілямэтраў. Першы запуск экспэрымэнту быў прыпынены з-за таго, што генэратар на электрастанцыі ў Каларада Спрынгс згарэў. Тэсла вымушаны быў спыніць дасьледчыя працы й самастойна займацца рамонтам генэратару. Праз тыдзень дасьледаваньне было працягнутае.

На падставе экспэрымэнту Тэсла зрабіў выснову аб тым, што прылада дазволіла яму згенэраваць стаячыя хвалі[27], якія сфэрычна распаўсюджваліся ад перадатчыка, а затым з нарастаючай інтэнсіўнасьцю сыходзіліся ў дыямэтральна процілеглай кропцы зямнога шару, дзесьці каля выспаў Амстэрдам і Сэн-Поль у Індыйскім акіяне.

Свае нататкі й назіраньні ў Каларада Спрынгс Нікола Тэсла заносіў у дзёньнік, які пазьней быў апублікаваны пад назвай «Colorado Springs Notes, 1899—1900»[28].

Увосень 1899 году вучоны вярнуўся ў Нью-Ёрк.

Вежа радыёстанцыі «Ўордэнкліф», 1904

У 1900 годзе пры фінансавай падтрымцы амэрыканскага прамыслоўца й мільянэра Джона Моргана, які выдаткаваў 150 тысячаў даляраў (цяпер гэтая лічба эквівалентная суме ў больш чым за 3 мільёны даляраў[21]), на замову Тэслы на высьпе Лонг-Айлэнд, непадалёк ад Нью-Ёрку, распачалося будаўніцтва радыёстанцыі — 47-мэтровай драўлянай каркаснай вежы зь медным паўшар’ем наверсе. Будаўніцтва вежы завяршылася ў 1902 годзе. Тэсла пасяліўся ў невялікім катэджы непадалёк.

Выраб неабходнага абсталяваньня зацягнуўся, бо фінансаваньне праекту спынілася, паколькі Морган разарваў кантракт пасьля таго, як даведаўся, што замест практычных мэтаў па разьвіцьці электрычнага асьвятленьня Тэсла плянуе займацца дасьледаваньнямі бяздротавай перадачы электрычнасьці[29]. На працягу наступных пяці гадоў Тэсла адаслаў каля 50 лістоў Моргану, молячы таго пра дадатковае фінансаваньне для завяршэньня будаўніцтва станцыі. У 1904 годзе нарэшце адказаў сакратар прамыслоўца, кажучы, што Морган ня можа нічым болей дапамагчы. Тэсла вымушаны быў спыніць будаўніцтва, зачыніць лябараторыю й распусьціць штат супрацоўнікаў. Вежа апынулася закінутай і прастаяла да 1917 году, калі фэдэральныя ўлады западозрылі, што нямецкія шпіёны выкарыстоўваюць яе ў сваіх мэтах. Недабудаваны праект Тэслы ўзарвалі[30][31].

Пасьля Ўордэнкліфу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тэсла з фосфарнай лямпачкай, асьветленай бяздротавым шляхам

Пасьля 1900 году Тэсла атрымаў мноства іншых патэнтаў на вынаходзтвы ў розных галінах тэхнікі (электрычны лічыльнік, частасьцемер, шэраг удасканаленьняў у радыёапаратуры, паравых турбінах і г. д.).

Летам 1914 году Сэрбія апынулася ў цэнтры падзеяў, якія прывялі да пачатку Першай сусьветнай вайны. Застаючыся ў Амэрыцы, Тэсла прымаў удзел у зборы сродкаў для сэрбскай арміі.

18 траўня 1917 году Тэслу быў уручаны мэдаль Эдысана, хоць сам ён рашуча адмаўляўся ад яго атрыманьня.

Зь лета 1917 да лістапада 1918 году Нікола Тэсла працаваў на «Пайл Нэшэнл» у Чыкага, у 1919—1922 гадох быў у Мілўокі; апошнія месяцы 1922 году прайшлі ў бостанскім «Ўолт Ўотч Компані», у 1925—1926 гадох у Філадэлфіі вучоны распрацоўваў для «Бадзі Компані» бэнзінавую турбіну.

У 1934 годзе ў часопісе Scientific American быў апублікаваны артыкул Тэслы, які выклікаў шырокі рэзананс у навуковых колах, у якім ён падрабязна разгледзеў магчымасьці атрыманьня звышвысокіх напругаў шляхам зарадкі шарападобных ёмістасьцяў статычнай электрычнасьцю ад церця рамянёў.

Урна з прахам Тэслы, Музэй Тэслы ў Бялградзе

Ужо ў сталым узросьце Тэслу зьбіла легкавая машына, ён атрымаў пералом рэбраў. Хвароба выклікала вострае запаленьне лёгкіх, якое перайшло ў хранічную форму. Тэсла апынуўся прыкаваным да ложка.

Нікола Тэсла памёр ад сардэчнай недастатковасьці ў ноч 7 студзеня 1943 году ва ўзросьце 86 гадоў[32]. Тэсла й у апошнія дні жыцьця патрабаваў, каб яму ніхто не перашкаджаў, на дзьвярах яго гасьцінічнага нумару, дзе ён жыў апошнія гады, у Нью-Ёрку вісела спэцыяльная таблічка. Цела Тэслы было знойдзена пакаёўкай і дырэктарам гатэлю «Нью-Ёркер» толькі праз 2 дні пасьля яго сьмерці. 12 студзеня цела крэміравалі, урну з прахам ўсталявалі на Фэрнкліфскіх могілках у Нью-Ёрку[33]. Пазьней яна была перанесенае ў Музэй Ніколы Тэслы ў Бялградзе. Пасьля сьмерці Тэслы ягоныя абсталяваньне і паперы вывучаў дзядзька 45-га прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джон.

Нікола Тэсла — аўтар каля 800-ці вынаходзтваў у галіне электра- і радыётэхнікі, аўтар болей чым 300 патэнтаў у розных галінах інжынэрнай тэхнікі[7]. Сярод самых вядомых адкрыцьцяў — радыёсувязь, зьменны ток, асынхронны рухавік, электрарухавік, флюарэсцэнтнае сьвятло, бяздротавая перадача энэргіі. Таксама ён займаўся вывучэньнем рэнтгенаўскіх промняў[34].

Тэсла ўпершыню распрацаваў прынцыпы дыстанцыйнага кіраваньня, асновы лячэньня токамі высокай частасьці, стварыў першыя электрычныя гадзіньнікі, рухавік на сонечнай энэргіі й шмат іншага.

Таленавіты вучоны стварыў генэратар зьменнага току, абапіраючыся на прынцыпы кручэньня магнітных палёў, і тым самым даў чалавецтву магчымасьць шырокага выкарыстаньня электрычнасьці.

З 1889 году Тэсла прыступіў да дасьледаваньняў токаў высокай частасьці й высокай напругі. Ён вынайшаў першыя ўзоры электрамэханічных генэратараў высокай частасьці й высокачастотны трансфарматар (трансфарматар Тэслы, 1891), стварыўшы тым самым перадумовы для разьвіцьця новай галіны электратэхнікі — тэхнікі высокай частасьці.

У ходзе дасьледаваньняў токаў высокай частасьці Тэсла надаваў увагу й пытаньням бясьпекі. Экспэрымэнтуючы на ​​сваім целе, ён вывучаў уплыў зьменных токаў рознай частасьці й сілы на чалавечы арганізм. Многія правілы, упершыню распрацаваныя Тэслам, увайшлі ў сучасныя асновы тэхнікі бясьпекі пры працы з высокачастотнымі токамі. Ён выявіў, што пры частасьці электрычнага току звыш 700 гэрцаў ён працякае па паверхні цела, не наносячы шкоды тканкам арганізму. Электратэхнічныя апараты, распрацаваныя Тэслам для мэдычных дасьледаваньняў, атрымалі шырокае распаўсюджаньне ў сьвеце.

У 1887 годзе Тэсла даў дакладнае навуковае апісаньне сутнасьці зьявы вярчэньня магнітнага поля[35]. У 1888 годзе Тэсла атрымаў свае асноўныя патэнты на вынаходніцтва шматфазных электрычных машынаў (у тым ліку асынхроннага электрарухавіка) і сыстэмы перадачы электраэнэргіі з дапамогай шматфазнага зьменнага току[36]. З выкарыстаньнем дзьвюхфазнай сыстэмы, якую сам навуковец лічыў найбольш эканамічнай, у ЗША быў пушчаны шэраг прамысловых электраўстановак, у тым ліку Ніягарская ГЭС (1895), найбуйнейшая ў тыя гады.

Тэсла дэманструе прынцыпы радыёсувязі, 1891

Тэсла адным зь першых запатэнтаваў спосаб надзейнага атрыманьня токаў, якія могуць быць выкарыстаныя ў радыёсувязі. Патэнт «US Patent 447920»[37], выдадзены ў ЗША 10 сакавіка 1891 году, апісваў «Мэтад кіраваньня дугавымі лямпамі» («Method of Operating Arc-Lamps»). Запатэнтаванай інавацыяй стаў мэтад падаўленьня гуку, які вырабляецца дугавой лямпай пад узьдзеяньнем току, для чаго Тэсла прыдумаў выкарыстоўваць частасьці, якія знаходзяцца па-за межамі ўспрыманьня чалавечага слыху.

У тым жа годзе на публічнай лекцыі Тэсла апісаў і прадэманстраваў прынцыпы радыёсувязі. У 1893 годзе ўшчыльную заняўся пытаньнямі бяздротавай сувязі й вынайшаў мачтавую антэну.

У 1893 годзе Тэсла запатэнтаваў радыёперадатчык. Лічыцца, што ён вынайшаў радыё раней за Гульельма Марконі (1895) і Аляксандра Папова (1891—1893)[Крыніца?].

Пазьней, у 1943 годзе, Вярхоўны суд ЗША канчаткова вызнаў першынства Тэслы на вынаходніцтва радыё[34][38].

Рэнтгенаўскае выпраменьваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рэнтген Тэслы

Нягледзячы на тое, што афіцыйна рэнтгенаўскае выпраменьваньне было вынайдзена Вільгельмам Рэнтгенам у 1895 годзе, дакладна вядома, што Нікола Тэсла раней, прынамсі з 1894 году пачаў дасьледаваць тое, што ён называў прамяністай энэргіяй «нябачнага» віду[39], магчыма, ён быў першым чалавекам, які атрымаў, хоць і выпадкова, рэнтгенаўскі здымак, гэта адбылося ў 1895 годзе, калі Нікола Тэсла зрабіў здымак Марка Твэна пры дапамозе гэйсьлераўскай трубкі. Як высьветлілася, фатаграфіі Твэна не атрымалася, але затое атрымалася добрая выява рэгуліровачнага вінта аб’ектыва фотаапарата[40].

Ужо пасьля афіцыйнага вынаходзтва рэнтгенаўскіх промняў і рэнтгенаўскай тамаграфіі Тэсла працягваў рабіць уласныя экспэрымэнты ў гэтым кірунку. Ён ня толькі ставіў досьледы, але, аналізуючы атрыманыя зьвесткі, першым зьвярнуў увагу на небясьпеку з боку ўзьдзеяньня рэнтгенаграфіі на арганізм чалавека[41].

У 1891 годзе Нікола Тэсла стварыў першы высокачастотны (рэзанансны) трансфарматар у Каларада Спрынгс. У адрозьненьне ад іншых трансфарматараў, у ім не было фэрамагнітнага сардэчніка, трапляючы ў рэзананс, бабіны перадаюць адзін аднаму ток літаральна па паветры. Пры правядзеньні экспэрымэнту былі зафіксаваныя навальнічнападобныя разрады даўжынёй да 4,5 мэтраў[42].

Бабіны Тэслы яшчэ часам выкарыстоўваюцца менавіта для атрыманьня доўгіх іскравых разрадаў, якія нагадваюць маланку. Так, у 1998 годзе інжынэр з Стэнфарду Грэг Лей прадэманстраваў публіцы эфэкт «маланкі па замове», стоячы ў мэталічнай клетцы пад гіганцкім контурам Тэслы й кіруючы маланкамі з дапамогай мэталёвай «чароўнай палачкі»[42].

Містычныя тэорыі і чуткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Помнік навукоўцу ля Ніягарскага вадаспаду, ЗША

Таямнічая постаць Ніколы Тэслы спарадзіла шмат чутак і фантастычных тэорыяў, як пры жыцьці, так і пасьля сьмерці навукоўца, найбольш вядомыя зь іх:

  • Паводле вядомай гарадзкой легенды, экспэрымэнтуючы з мэханічным асцылятарам, Тэсла дамогся таго, што мог разбурыць любы прадмет, наладзіўшы на яго рэзанансную частасьць асцылятар. Легенда сьцьвярджае, што такім чынам Тэсла выклікаў землятрус у сваёй лябараторыі ў 1908 годзе, ледзьве ня зьнішчыўшы яе прымацаваным да адной з бэлек будынку асцылятарам[43].
  • У 1915 годзе ў газэтах пісалі, што Тэсла быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію па фізыцы. Адначасова быў заяўлены й Томас Эдысан. Вынаходнікам прапаноўвалася падзяліць прэмію на дваіх. Па сьцьвярджэньнях, узаемная непрыязнасьць вынаходнікаў прывяла да таго, што абодва адмовіліся ад яе, такім чынам адкінуўшы любую магчымасьць падзелу прэміі[12] У рэчаіснасьці Эдысану ў 1915 годзе не прапаноўвалі, хоць і намінавалі на яе, а Тэсла ўпершыню быў намінаваны толькі ў 1937 годзе.
  • Паводле адной з вэрсіяў, пасьля сьмерці Тэслы ФБР выслала супрацоўнікаў, якія канфіскавалі ўсе паперы, знойдзеныя імі ў нумары. ФБР падазравала, што яшчэ за некалькі гадоў да сьмерці Тэслы некаторыя паперы былі выкрадзеныя нямецкай выведкай і маглі быць выкарыстаныя для стварэньня нямецкіх лятучых талерак[44].
  • З канца 1950-х гадоў урад ЗША нібыта фінансаваў праграму па распрацоўцы «промняў сьмерці», новай звышмоцнай лазэрнай зброі, напрацоўкі якой быццам былі запазычаныя ў Тэслы[45].
  • У канцы XX — пачатку XXI стагодзьдзя зьявілася гіпотэза пра сувязь Тэслы з Тунгускім мэтэарытам[46]. Паводле гэтай гіпотэзы, у дзень назіраньня Тунгускага фэномэну (30 чэрвеня 1908 году) Тэсла праводзіў вопыт па перадачы энэргіі «па паветры».

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Пры сваім даволі высокім росьце (каля 190 сантымэтраў) Тэсла меў сур’ёзную нястачу вагі цела й быў вельмі хударлявым.
  • Меў фатаграфічную памяць і валодаў васьмю мовамі.
  • Сьцьвярджаў, што яму цалкам дастаткова 2 гадзінаў у суткі для сну. Зрэшты зафіксаваны выпадак, калі Тэсла бесьперапынна працаваў у сваёй лябараторыі 84 гадзіны[47].
  • Тэсла ніколі ня быў жанаты. Да Нікола Тэсла праяўляла інтарэс Сара Бэрнар, але ён зьневажаў ейныя пачуцьці, бо быў адданы сваёй працы[48].
  • Меў звычку лічыць крокі пры хадзе, падлічваць аб’ём талерак з супам, кубкаў з кавай і да т. п. рэчаў.
  • У кнізе Крыстафэра Прыста «Прэстыж», Нікола Тэсла згадваецца, як геніяльны навуковец, які стварыў машыну-тэлепартатар. Таксама апісваецца ягоная варажнеча з Томасам Эдысанам. Кніга экранізаваная ў 2006 годзе Крыстафэрам Ноланам. Ролю Тэслы сыграў культавы сьпявак і актор Дэйвід Боўі[49].

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
100 дынараў, Сэрбія і Чарнагорыя (2000)
  • Адзінка вымярэньня магнітнай індукцыі ў сыстэме СІ названая ў гонар дасьледчыка — Тэсла.
  • У 1943 годзе, ужо пасьля сьмерці Тэслы, Першай гвардзейскай дывізіі народна-вызваленчай арміі Югаславіі было нададзенае імя Ніколы Тэслы.
  • У Бялградзе ў 1952 годзе быў адкрыты Музэй Ніколы Тэслы, дзе захоўваюцца асабістыя рэчы вынаходніка, розныя гістарычныя дакумэнты й мадэлі яго вынаходзтваў[50].
  • Імем Тэслы названы аэрапорт каля Бялграду.
  • Партрэты Тэслы разьмешчаныя на шэрагу сэрбскіх банкнотаў.
  • Вынаходніку прысьвечаныя манумэнты й назвы вуліцаў у Сэрбіі, Харватыі, ЗША й іншых краінах.
  • У гонар вынаходніка названы кратэр на Месяцы й астэроід 2244 Тэсла.
  • Імем вынаходніка названая кампанія, якая выпускае супэркары з электрычнымі рухавікамі — Tesla Inc.
  • У гонар Ніколы Тэслы названая вуліца ў вёсцы Дэрвенград (Сэрбія)
  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Nikola Tesla
  2. ^ Nikola (Nicola) Tesla // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  3. ^ Nikola Tesla // Hrvatski biografski leksikon (харв.) — 1983.
  4. ^ а б в Цверава Г. К. Тесла Никола // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1976. — Т. 25 : Струнино — Тихорецк. — С. 512—513.
  5. ^ Societies A. C. o. L., Press O. U., Finn B. S. Nikola Tesla // Tesla, Nikola (9/10 July 1856–07 January 1943), electrical inventor (анг.) // American National Biography Online / S. Ware[New York]: Oxford University Press, 2018. — ISSN 1470-6229doi:10.1093/ANB/9780198606697.ARTICLE.1301654
  6. ^ http://www.teslauniverse.com/nikola-tesla-timeline-1943-tesla-dies-at-86
  7. ^ а б Šarboh, Snežana (18-20 кастрычніка 2006) Патэнты Ніколы Тэслы Архіўная копія (анг.)
  8. ^ Никола Тесла.  (рас.) Энциклопедия кругосвет
  9. ^ O’Neill, J. (2007). Genius: The Life of Nikola Tesla. Book Tree. pp. 336. ISBN 1-60206-743-0, p. 12  (анг.)
  10. ^ Walker, E. H. Leaders of the 19th century with some noted characters of earlier times, their efforts and achievements in advancing human progress vividly portrayed for the guidance of present and future generations. Chicago, A.B. Kuhlman, 1900. p. 474  (анг.)
  11. ^ Tesla, Nikola. My Inventions The Autobiography of Nikola Tesla. (анг.)
  12. ^ а б O’Neill 1996. С. 1.
  13. ^ а б в г д Ржонсницкий 1959. С. 1.
  14. ^ Wohinz, Josef W. (Ed.). Nikola Tesla und die Technik in Graz. Graz, Austria, Verlag der Technischen Universität Graz, 2006. ISBN 978-3-902465-39-9.  (ням.)
  15. ^ Tesla Timeline. // Tesla Universe.  (анг.)
  16. ^ Seifer, Marc. Wizard: The Life and Times of Nikola Tesla; Biography of a Genius. Secaucus, Carol Publishing Group, 1996.  (анг.)
  17. ^ а б Cheney 2001. С. 1.
  18. ^ James Grant Wilson, John Fiske, Appleton’s Cyclopedia of American Biography. p. 261  (анг.)
  19. ^ Tesla, Nikola. The fantastic inventions of Nikola Tesla. Adventures Unlimited Press, 1993. ISBN 0932813194(анг.)
  20. ^ Coming to America. Broadcasting Service.  (анг.)
  21. ^ а б The Inflation Calculator (анг.)
  22. ^ Pickover, Clifford A. Strange brains and genius: the secret lives of eccentric scientists and madmen. Harper Perennial, 1999. ISBN 0-688-16894-9. p. 14 (анг.)
  23. ^ O’Neill, John J (2007). Genius: The Life of Nikola Tesla. Book Tree. pp. 336. ISBN 1-60206-743-0., p. 64  (анг.)
  24. ^ Александр Прищепов. «Золото молчания». Как Эдисон воевал с Теслой, мучил животных и казнил белоруса на электрическом стуле. TUT.BY. (рас.)
  25. ^ Aleksandar Marinčić. Nikola Tesla’s Contributions to Radio Developments. Scindeks-clanci.nb.rs. 18. 1. 1902. p. 139  (анг.)
  26. ^ Ouellette, Jennifer. «Lightning flashes on origin of solar system». Discovery News  (анг.)
  27. ^ Corum, K. L., J. F. Corum, «Nikola Tesla, Lightning Observations, and Stationary Waves.» 1994.  (анг.)
  28. ^ Nikola Tesla Colorado Springs Notes, 1899—1900  (анг.)
  29. ^ Broad, William J. A Battle to Preserve a Visionary’s Bold Failure. // NYTimes, 4 May 2009.  (анг.)
  30. ^ U. S. Blows Up Tesla Radio Tower // The Electrical Experimenter, September, 1917, p. 293.  (анг.)
  31. ^ Tesla Tower. // Tesla Memorial Society of New York.  (анг.)
  32. ^ Мирошниченко И. Чем мир обязан Тесле? (Часть вторая. США)  (рас.) ШколаЖизни.ру. 18.08.2007
  33. ^ Валентина Богомолова. Никола Тесла. Гений-одиночка или безумец опередивший своё время?  (рас.) 19-03-2004
  34. ^ а б 10 изобретений Николы Тесла, которые изменили мир 18.07.2012  (рас.)
  35. ^ Networks of power‬: ‪electrification in Western society, 1880—1930‬‬. JHU Press. p. 117.  (анг.)
  36. ^ Jill Jonnes, Empires of Light: Edison, Tesla, Westinghouse, and the Race to Electrify the World, 2003—416 pages — Google eBook — Preview. Books.google.com.
  37. ^ Патент US447920, Nikola Tesla.  (рас.)
  38. ^ Патент US6445576(недаступная спасылка) (рас.)
  39. ^ Nikola Tesla and the Discovery of X-rays.  (анг.)
  40. ^ Тесла — человек из будущего(недаступная спасылка) (рас.)
  41. ^ Никола Тесла, О вредном воздействии трубок ленарда и рентген. Electrical Review, 1897.  (рас.)
  42. ^ а б Никола Тесла — повелитель молний.  (рас.)
  43. ^ Генератор колебаний или Машина землетрясений Николы Теслы.  (рас.)
  44. ^ Tim Swartz The Lost Journals of Nikola Tesla : Haarp — Chemtrails and Secret of Alternative 4 — 2000. ISBN 1-892062-13-5  (анг.)
  45. ^ Михаил Попов, Изобретения и открытия Николы Теслы.  (рас.) 03.04.2005
  46. ^ Гипотезы о возможной природе Тунгусского явления  (рас.)
  47. ^ O’Neill, John J (2007). Genius: The Life of Nikola Tesla. Book Tree. pp. 336. ISBN 1-60206-743-0, p. 43, 208, 301  (анг.)
  48. ^ Sarah Bernhardt. (анг.) Nikola Tesla
  49. ^ Кинофильм Престиж (2006) Kinopoisk.ru  (рас.)
  50. ^ Музэй Ніколы Тэслы (анг.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]